«АРХІ́Ў ГІСТАРЫ́ЧНАЙ КАМІ́СІІ»

(«Archiwum Komisyi Historycznej»),

серыйнае выданне дакументальных матэрыялаў 15—19 ст. Выходзіла ў 1878—1949 у Кракаве пад апекаю Гіст. камісіі Польскай АН. Выдадзена 16 тамоў. Пераважаюць матэрыялы крыніцазнаўчага характару, першакрыніцы па гісторыі права, царквы, грамадска-паліт., дыпламат. адносін, агляды бібліятэк і архіваў. Сярод найб. значных публікацый — матэрыялы па гісторыі вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, дакументы Пастаяннай Рады, інвентары зямельных уладанняў, апісанні рукапісаў і дакументаў у архівах і бібліятэках Рыма, Пецярбурга, Будапешта, «Рэвізія Полацкага ваяводства 1552», матэрыялы па гісторыі праектаў царк. уніі канца 15 — пач. 16 ст. і інш. Дакументы ў асн. на польск. і лац. мовах.

Г.Я.Галенчанка.

т. 1, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)